Новая выстава творчых работ вучняў з абмежаванымі магчымасцямі пачала працаваць у пружанскім ЦТДМ
У раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі пачала працаваць выстава творчых работ вучняў з абмежаванымі магчымасцямі «Усе на свеце — сонейка дзеці».
![](http://www.budni.by/wp-content/uploads/2023/03/20230328_IMG_7132_0028.jpg)
Шэраг педагогаў гэтай установы дадатковай адукацыі працуе з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця: адны займаюцца з выхаванцамі цэнтра карэкцыі, другія рэалізуюць навучанне на даму.
Да Сусветнага дня распаўсюджвання інфармацыі аб аўтызме педагогі вырашылі стварыць выставу, на якой прадэманстравалі адны з лепшых работ сваіх асаблівых вучняў.
— Заняткі з такімі дзецьмі праводзяцца па індывідуальных праграмах мастацкага, тэхнічнага, эколага-біялагічнага профіляў. На выставе вы можаце ўбачыць вырабы, малюнкі, выкананыя ў нетрадыцыйных тэхніках: соллю, ніткамі, відэльцам, адбіткамі… — расказала кіраўнік аб’яднання па інтарэсах «Вясёлае маляванне» Марына Бармута.
![](http://www.budni.by/wp-content/uploads/2023/03/20230328_IMG_7113_0011.jpg)
Гурткоўцы аб’яднанняў па інтарэсах «Юны мастак», «Вясёлка творчасці», «Шкатулка фантазій», «Вясёлае маляванне», «Магія паперы» сапраўды пастараліся на славу. Калі сама глядзела на неверагодна прыгожыя малюнкі і акуратныя вырабы, міжволі ўзнікла думка: «Маленькія сонейкі, якія ж вы сапраўды моцныя…»
Напэўна, прыкладна пра тое ж думаў педагог дадатковага навучання Андрэй Кірыковіч.
— З гэтага навучальнага года я пачаў займацца маляваннем з Валянцінам Куляшовым, заняткі праходзяць на даму. Хлопец вельмі таленавіты і працаздольны: у яго ёсць вялікі патэнцыял стаць прафесійным мастаком, — адзначыў Андрэй Уладзіміравіч. — Шчыра кажучы, у нас склаліся амаль сяброўскія адносіны. З Валянцінам прыемна праводзіць час, бо ён адкрыты, чыстасардэчны і рознабаковы чалавек.
Кіраўнік аб’яднання па інтарэсах «Магія паперы» Наталля Пракопчык два разы на тыдзень працуе ў Пружанскім раённым ЦКРНіР.
— Навучэнцам заўсёды дапамагаюць словы ўхвалення, заахвочвання. Так і асаблівым дзеткам важна адчуваць падтрымку, чуць добрыя каментарыі і водгукі наконт свайго вырабу. Вучні з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця не менш таленавітыя, чым звычайныя хлопчыкі і дзяўчынкі. Адзіная розніца: бывае, ім трэба прыкласці крыху больш часу і намаганняў для стварэння мастацкай работы. З кожным трэба займацца індывідуальна, і ўсе дзеці дакладна стараюцца. Для іх важна рабіць нешта сваімі рукамі, самастойна, — адзначае Наталля Васільеўна.
![](http://www.budni.by/wp-content/uploads/2023/03/20230328_IMG_7152_0048.jpg)
У мэтах пашырэння інфармацыі пра дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, выхавання талерантнасці і стварэння інклюзіўнага асяроддзя цэнтр творчасці запрашае навучэнцаў агульнаадукацыйных устаноў і ўсіх жадаючых наведаць выставу «Усе на свеце — сонейка дзеці».
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік