Саламяныя перапляценні жыццёвых узораў

Лёс кожнага чалавека складаецца непрадказальна і ніколі не ведаеш, якая падзея стане вырашальнай у жыцці. Але адно з’яўляецца бяспрэчным: важны ўплыў на стаўленне асобы аказвае асоба педагога, які ў пэўны момант аказаўся побач.

Так утварыўся больш за пяць гадоў таму творчы дуэт педагога Наталлі Вітальеўны Свешнікавай і яе вучаніцы Крысціны Васкоўцавай, імёны якіх прагучалі 1 лютага на сцэне Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі падчас узнагароджвання пераможцаў XXVIII Рэспубліканскай выставы-конкурса дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Калядная зорка”.

Здаецца, два зусім розных чалавека, розныя пакаленні, але як шмат іх сёння аб’ядноўвае. Давайце пазнаёмімся з нашымі гераінямі бліжэй (працяг далей)

Саломка ўплялася ў жыццё Наталлі Вітальеўны наканаваннем лёсу. У дзяцінстве ей было цікава займацца вязаннем, з вялікім інтарэсам сачыла за працай швейнай машынкі. А вось прафессію першапачаткова абрала сабе не зусім дзявочую. У 1985 годзе Наталля Вітальеўна скончыла Беларускі політэхнічны інстытут (сённяшні БНТУ) і прыйшла працаваць на Пружанскі завод радыёдэталей. Але ж сумяшчаць такую не зусім жаночую працу з мацярынствам было няпроста. І тады на дапамогу прыйшоў тата – настаўнік біялогіі і працоўнага навучання, – які на той момант (а гэта быў канец 80-х гадоў) ужо працаваў у Доме піянераў, і параіў дачцэ паспрабаваць сябе ў ролі педагога. Пачаўся шлях Наталлі Вітальеўны ў свет сумеснай творчасці з дзецьмі з гуртка па вязанні на спіцах – тое, чым і сама цікавілася і займалася ў дзяцінстве. А залатая саломка ў залатых руках таленавітага педагога апынулася дзякуючы тагачаснаму дырэктару Ніле Іванаўне Макавецкаў, якая проста не пакінула Наталлі Вітальеўне выбару. Ніла Іванаўна бачыла ў юным педагоге вялікі творчы патэнцыял і разумела, што ў вязанні цяжка дасягчы большага, чым есць на дадзены момант. А, працуючы з саломкай, педагог мае значна большы шанец і прастору для развіцця і стварэння свайго непаўторнага майстарскага почырку. Так яно і адбылося. Наталля Вітальеўна з кніг па крупіцам збірала веды і фарміравала сваё творчае і педагагічнае майстэрства, што потым вярталася ёй шматлікімі перамогамі яе вучняў. Адпрацаваўшы больш за 30 гадоў у Цэнтры творчасці, у 2022 годзе Наталля Вітальеўна адправілася на заслужаны адпачынак і два гады нават не брала саломку ў рукі, аддаўшы перавагу шыццю, аб чым таксама марыла ў дзяцінстве. Але ж калі ў жніўні 2024 года дырэктар Цэнтра творчасці Алена Міхайлаўна Пухнарэвіч прапанавала вярнуцца і адкрыць гурток, Наталля Вітальеўна амаль не вагалася і зноў не прагадала, таму што гэта сапраўды залатое вяртанне, аб чым сведчаць перамогі яе таленавітай вучаніцы, з якой варта пазнаёміцца бліжэй.

Крысціна Васкоўцава – вучаніца 10 класа ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Пружаны імя ЧБВА”. Яшчэ вучаніцай 4 класса Крысціна прыйшла на заняткі ў гурток да Наталлі Вітальеўны і паказала сябе як вельмі старанная і таленавітая дзяўчынка. За некалькі гадоў Крысціна навучылася ў Наталлі Вітальеўны многаму, а галоўнае – ніколі не спыняцца на дасягнутым і імкнуцца да самаўдасканалення. У сваім дзясятым класе Крысціна на сённяшні дзень неаднаразовы прызёр алімпіяд па беларускай мове і інфарматыцы. Яна вельмі занятая вучобай, але, калі дзяўчынка даведалася, што Наталля Вітальеўна зноў у педагагічным строі, без ваганняў вярнулася да саломапляцення. І вось толькі за пяць месяцаў гэтага навучальнага года ў Крысціны Дыпломы І ступені районных этапаў выстаў-конкурсаў “Усе дзеці таленавітыя” і “Калядная зорка”, адпаведна Дыпломы І і ІІІ степеняў абласных этапаў гэтых жа конкурсаў. І ўжо падведзены вынікі Рэспубліканскай выставы-конкурса дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Калядная зорка”, згодна з якімі таленавітая старшакласніца ўзнагароджана Дыпломам ІІ ступені Міністэртства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Як бачым, Крысціна – таленавіты юны майстар з глыбокім пачуццем любові да прыгожага і гарачым сэрцам і пры гэтым з халодным матэматычным складам розуму, як і яе педагог. Крысціна ўжо абрала для сябе свой будучы прафесійны шлях – сваё жыццё дзяўчынка плануе звязаць з праграмаваннем ці інфармацыйнай бяспекай. Дарэчы, напярэдадні ўзнагароджання ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Крысціна знаходзілася ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку – гэта ўстанова адукацыі, мэтай якой з’яўляецца падтрымка адораных вучняў, развіццё ў іх інтарэсу да навукова-тэхнічнай і іннавацыйнай дзейнасці, імкненне да асабістых навуковых дасягненняў. Таленавітая вучаніца наведвала гэту ўстанову ўжо двойчы і на гэты раз яе праект стаў адным з лепшых і таму Крысціна атрымала магчымасць працягнуць навучанне ў тэхнапарку і работу над сваім праектам у дыстанцыйнай форме. Вось такая шматгранная натура ў нашай юнай зямлячкі.

Як бачым, у лёсах педагога і яе вучаніцы ёсць нейкае залатое перапляценне: праз тэхнічныя навукі да саломапляцення і наадварот. Адчуванне, што спіраль часу сціснулася і жыццёвыя кропкі Наталлі Вітальеўны і яе вучаніцы Крысціны знаходзяцца максімальна блізка і амаль паўтараюць адна адну. Вось так цікава перапляліся два розныя, але такія падобныя жыццёвыя ўзоры людзей розных пакаленняў, якіх аб’яднаў наш Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі і беларускае золата – саломка.

Метадыст ДУДА “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі г. Пружаны”
Вольга Мікалаеўна

Поделиться новостью:

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.